Жыццёвы і творчы шлях Кузьмы Чорнага
Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі), якога крытыка яго часу ахрысціла «беларускім Дастаеўскім», нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 г. у вёсцы Боркі на Случчыне ў сям'і парабка.
У 1907 г. бацькі яго пераехалі ў фальварак Вінцэнтова. Тут Мікола з дапамогай маці Глікерыі Міхайлаўны, жанчыны простай, але духоўна развітай і дастаткова начытанай, навучыўся чытаць.
Мікола быў здольны хлапчына: добра маляваў, іграў на розных музычных інструментах, меў прыгожы голас, умеў цудоўна апавядаць розныя гісторыі, прадстаўляючы ў асобах, іграў у школьных спектаклях. Бацькі з усіх сіл стараліся даць старэйшаму сыну Міколу адукацыю. Каля маёнтка, дзе яны парабкавалі, школ блізка не было, таму яны кінулі панскую службу і ў 1908 г. вярнуліся на бацькаўшчыну, у мястэчка Цімкавічы, якое знаходзілася акурат на паўдарозе паміж Нясвіжам і Капылём. Вучачыся ў Цімкаўскім народным вучылішчы, Мікола паказаў сябе здольным вучнем. Настаўнік нязменна вылучаў яго сярод іншых і падхвальваў, а перад заканчэннем вучылішча ў 1913 г. рыхтаваў яго разам з іншымі выдатнікамі да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
Два гады Мікалай працаваў на гаспадарцы, хадзіў з бацькам Карлам Феліксавічам па ўсёй акрузе ў пошуках цяслярскай працы, шмат пабачыў за гэты час людскога гора, пазнаёміўся з многімі надзвычай каларытнымі беларускімі тыпамі, наслухаўся мноства цікавых гісторый. У семінарыю ён паступіў у 1915 г., калі непадалёку ад Нясвіжа стаяў фронт і людзі жылі весткамі з вайны і гаворкамі аб вайне. У часе навучання ён праседжваў шмат у семінарскай бібліятэцы, меў магчымасць наведваць і багатую, як на тыя часы, Радзівілаўскую бібліятэку. Да гэтага ж моманту адносяцца і яго першыя спробы ў мастацкай творчасці — вядома, што ён чытаў сваім сябрам апавяданне, сюжэт якога нагадваў раннія творы Максіма Горкага: дробны зладзяйчук-валацуга папаўся на рынку на крадзяжы, яго б'юць без літасці і шкадавання. Чорнага цікавілі перажыванні гэтага чалавека — так пачалася яго вядомая ў пазнейшыя гады павышаная ўвага да пакутаў чалавека на зямлі.
У 1920 г. Мікалай Раманоўскі скончыў вучобу і стаў настаўнікам. Ён прымаў чынны ўдзел у працы мясцовых Саветаў — працаваў сакратаром Цімкаўскага валаснога рэўкома, з вясны да восені 1921 г. быў справаводам Слуцкага павятовага ваенкамата, затым — сакратаром аддзела народнай адукацыі пры Цімкаўскім валасным рэўкоме.
З восені 1922 г. Раманоўскі ўжо настаўнік Цімкаўскай сямігодкі. Аднак настаўніцкая праца мала задавальняла Мікалая Карлавіча, і ён марыў працягваць вучобу. Адчуваў ён патрэбу і ў творчым асяроддзі, якое разумела б яго і ў якім ён мог бы сталець як мастак слова. Акурат у гэты час адкрыўся Беларускі універсітэт, і Мікалай Карлавіч стаў яго студэнтам. Гэта адбылося летам 1923 г., а напярэдадні, у маі і чэрвені, у газеце «Савецкая Беларусь» былі надрукаваны апавяданні маладога празаіка, падпісаныя псеўданімам “Кузьма Чорны”. Так пісьменнік аддаваў даніну павагі свайму дзеду Міхалу Парыбку, па-вулічнаму — Чорнаму, вялікаму працаўніку, вядомаму на цэлую акругу майстру-сурвэтніку. У снежні гэтага ж года, калі ўтварылася літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», Чорны стаў яго сябрам. У гэты час ён шмат друкуецца, а ў 1925 г. ............